Секс, партизаны и каннибализм. Что советская цензура вырезала из книг Алексиевич

Герои • редакция KYKY
Пятитомник Нобелевского лауреата Светланы Алексиевич впервые выходит вообще без цензуры. KYKY стало интересно, что вырезали из её книг раньше, и переводчик романа «У войны не женское лицо» Валентин Акудович показал отрывки, которых не существовало в старых изданиях, и короткие разговоры Светланы с цензором. советская цензура вырезала истории про месячные, секс перед боем (молодые девушки пришли к бойцам ночью, а наутро всех убили) и про то, что люди ели человечину. Потому что это подрывало веру в войну.

З таго, што скасавала цэнзура

  • «Я ноччу вось-вось прачнуся… Як быццам нехта ну… плача побач… Я – на вайне…

Мы адступаем… Пасля Смаленска нейкая жанчына выносіць мне сваю сукенку, я адразу пераапранаюся. Іду адна… сярод мужыкоў. Толькі што была ў нагавіцах, а цяпер іду ў летняй сукенцы. У мяне раптам пачаліся гэтыя справы… Жаночыя. Раней пачаліся, пэўна, ад хвалявання. Ад пакутаў, ад крыўды. Дзе тут што знойдзеш? Сорамна! Як мне было сорамна! Пад кустамі, у канавах, у лесе на пнях спалі. Столькі нас было, што месца ў лесе ўсім не хапала. Ішлі мы разгубленыя, падманутыя і нікому ўжо не верылі… Дзе нашыя самалёты, дзе нашыя танкі? Тое, што лётае, поўзае, грукоча – усё нямецкае.

Такая я трапіла ў палон. У апошні дзень перад палонам яшчэ перабіла абедзве нагі… Ляжала і пад сябе мачылася… Не ведаю, якімі сіламі адпаўзла ноччу ў лес. Выпадкова падабралі партызаны… Мне шкада тых, хто гэтую кнігу прачытае, і хто яе не прачытае…»

  • «У мяне было начное дзяжурства… Пайшла ў палату для цяжка параненых. Ляжыць капітан… Дактары папярэдзілі перад дзяжурствам, што ноччу ён памрэ. Не дажыве да ранку… Пытаюся яго: «Ну як? Чым табе дапамагчы?» Ніколі не забуду… Ён раптам усміхнуўся, такая харошая ўсмешка на спакутаваным твары: «Расшпілі халат… Пакажы мне свае грудзі… Я даўно не бачыў жонкі…» Я разгубілася, я ж яшчэ нават не цалаваная была. Нешта я там яму адказала і збегла. Вярнулася праз гадзіну.
Ён ляжаў мёртвы. І тая ўсмешка на ягоным твары…»

Фото: William Gedney

  • «Гэта было ля Керчы… Ноччу пад абстрэлам мы ішлі на баржы. Загарэлася насавая частка… Агонь папоўз па палубе. Грымнулі баявыя запасы… Магутны выбух! Выбух такой моцы, што баржа нахілілася на правы бок і пачала тануць. А бераг ужо недалёка, мы разумеем, што ён недзе побач, і салдаты паскакалі ў ваду. З берага загрукаталі кулямёты. Крыкі, стогны, мат… Я добра плавала, я хацела хаця б аднаго ўратаваць. Хаця б аднаго параненага… Гэта ж вада, а не зямля – паранены чалавек загіне адразу. Каменем пойдзе на дно… Чую – нехта побач то вынырне наверх, то зноў пад ваду схаваецца. Наверх – пад ваду. Я выгадала момант, схапіла яго… Нешта халоднае, слізкае… Падумала, што гэта моцна паранены, без адзення, бо яго сарвала выбухам. А я і сама голая… У бялізне засталася… Цемра. Хоць пальцам у вока. Вакол: «Э-эх! Ай-я-я». І мат... Даплыла з ім неяк да берага… У небе якраз у гэты момант загарэлася ракета, і я ўбачыла, што прывалакла на сабе вялізную параненую рыбіну, ростам з чалавека. Бялуга… Яна памірае… Я звалілася каля яе і абмацярыла ўвесь свет. А потым заплакала ад крыўды… І ад таго, што ўсе пакутуюць…»
  • «Выходзілі з аблогі… Куды ні ткнемся – усюды немцы. Вырашылі: на золку будзем прарывацца з боем. Усё роўна загінем, дык лепей памерці з гонарам. Пад кулямі.
У нас было тры дзяўчыны. Яны прыйшлі ноччу да кожнага, хто мог. Не ўсе, канечне, былі здольныя. Нервы, разумееце. Такая справа… Кожны рыхтаваўся да смерці…

Выратаваліся адзінкі… Мала хто… Ну, чалавек сем, а было пяцьдзясят, калі не болей. Пасеклі немцы кулямётамі… Згадваю тых дзяўчат з удзячнасцю. Ніводнай зранку не знайшоў сярод жывых… Ніколі потым не сустрэў…»

Размовы з цэнзарам

– Хто пойдзе пасля такіх кніг на вайну? Вы ганіце жанчыну прымітыўным натуралізмам. Жанчыну-гераіню. Пазбаўляеце яе арэолу. Ператвараеце ў звычайную жанчыну. У самку. А яны ў нас – святыя.

– Наш гераізм стэрыльны, ён не жадае лічыцца ні з фізіялогіяй, ні з біялогіяй. Яму не верыш. А выпрабоўваўся не толькі дух, але і цела. Матэрыяльная абалонка.

– Скуль у вас гэтыя думкі? Чужыя думкі. Не савецкія. Вы здекуецеся з тых, хто ў брацкіх магілах. Рэмарка начыталіся… У нас рэмаркізм не пройдзе. Савецкая жанчына – не жывёліна…

* * *

  • «Нехта на нас паказаў… Немцы дазналіся, дзе партызанская стаянка. Ачапілі лес і падыходы да яго з усіх бакоў. Мы хаваліся ў дзікай гушчэчы, нас ратавалі балоты, куды карнікі не заходзілі. Багна. І тэхніку, і людзей яна праглынала ўмомант. Па некалькі дзён, тыднямі мы стаялі па горла ў вадзе. З намі была радыстка, яна нядаўна нарадзіла. Дзіця галоднае… Просіць цыцку… А маці сама галодная, малака няма, і немаўля плача. Карнікі недалёка… З сабакамі… Калі сабакі пачуюць, дык усе загінем. Уся група – чалавек трыццаць… Вам зразумела?

Камандзір прымае рашэнне…

Ніхто не адважваецца перадаць маці загад, але яна сама здагадваецца. Апускае скрутак у ваду і доўга там трымае… Болей дзіця не плача… Ні гуку… А мы не можам падняць вачэй. Ні на маці, ні адно на аднаго…»
  • «Мы бралі палонных, прыводзілі ў атрад… Іх не расстрэльвалі, занадта лёгкая смерць для іх, мы заколвалі іх, як свіней, шомпаламі, рэзалі на кавалкі. Я хадзіла на гэта глядзець… Чакала! Доўга чакала таго моманту, калі ад болю ў іх пачнуць покацца вочы… Зрэнкі…

Што вы пра гэта ведаеце?! Яны маю маму з сястрычкамі спалілі на вогнішчы пасярод вёскі…»

Фото: Liu Tao

  • «Я не запомніла ў вайну ні катоў, ні сабак, памятаю шчуроў… З жоўта-сінімі вачыма… Іх было хоць гаць гаці. Калі я параненая акрыяла, са шпіталя мяне вярнулі ў маю вайсковую частку. Яна стаяла ў акопах пад Сталінградам. Камандзір загадаў: «Пасяліце яе ў дзявочую зямлянку». Я зайшла туды і найперш здзівілася, што там няма ніякіх рэчаў. Пустыя пасцелі з хваёвага лапніка, і ўсё.

Мяне не папярэдзілі… Я пакінула ў зямлянцы свой рэчмяшок і выйшла, а калі вярнулася праз паўгадзіны, рэчмяшка не знайшла. І аніякага знаку рэчаў, ні грэбня, ні алоўка. Усё ўмомант згрызлі шчуры…

А зранку мне паказалі абгрызеныя рукі ў цяжка параненых…

Ні ў якім самым страшным кіно я не бачыла, як шчуры сыходзяць з горада перад артабстрэлам. Гэта было ўжо не ў Сталінградзе… Пад Вязьмай… Зранку па горадзе рухаліся зграі шчуроў, яны кіраваліся ў палі. Бо чулі смерць. Іх былі тысячы… Чорныя, шэрыя… Людзі ў жаху глядзелі на гэтае пачварнае відовішча і туліліся да сценаў дамоў. І як толькі шчуры зніклі з нашых вачэй, пачаўся абстрэл. Затым наляцелі самалёты. Замест дамоў і склепаў застаўся каменны друз…»


  • «Пад Сталінградам было столькі забітых, што коні іх ужо не палохаліся. Звычайна палохаюцца. Конь ніколі не ступіць на мёртвага чалавека. Сваіх забітых мы сабралі, а немцы валяліся ўсюды. Замёрзлыя… Ледзяныя… Я – кіроўца, вазіла скрыні са снарадамі для гармат. І чула, як пад коламі трэскаліся іх чарапы… Косткі… І я была шчаслівая…»

Размовы з цэнзарам

– Так, Перамога была цяжкай, але вы павінны шукаць гераічныя прыклады. Іх сотні. А вы зважаеце адно на бруд вайны. На сподняе. У вас наша Перамога жахлівая… Чаго вам не хапае?
– Праўды.
– А вы пэўныя, што праўда – гэта тое, што ў жыцці. Тое, што на вуліцы. Пад нагамі. Для вас яна такая прыземленая. Зямная. Не, праўда – гэта тое, пра што мы марым. Якімі хочам быць!

* * *

  • «Наступаем… Першыя нямецкія селішчы… Мы – маладыя. Дужыя. Чатыры гады без жанчын. У склепах – віно. Харч. Лавілі нямецкіх дзяўчат і… Дзесяць чалавек гвалцілі адну… Жанчын бракавала, бальшыня паўцякала ад Савецкага войска, то хапалі зусім юных. Дзяўчатак… Дванаццаці-трынаццаці гадоў… Калі нейкая плакала, яе білі, што-кольвек запіхвалі ў рот. Ёй балюча, а нам смешна. Цяпер не разумею, як я мог… Хлопчык з інтэлігентнай сям'і… Але гэта быў я…

Адзінае, чаго мы баяліся, каб нашыя дзяўчаты пра гэта не даведаліся. Нашыя медсёстры. Перад імі было сорамна…»

  • «Трапілі ў аблаву… Блукалі па лясах, па балотах. Жавалі лісце, грызлі кару дрэваў. Нейкія карэнні. Нас было пяцёра, адзін зусім хлопчык, толькі забралі ў войска. Ноччу сусед шэпча: «Хлопец паўжывы, усё роўна памрэ. Разумееш…» – «Ты пра што?»
– «Мне адзін зэк тлумачыў… Яны, калі з лагера ўцякалі, спецыяльна бралі з сабой маладога. Чалавечае мяса можна есці… Так ратаваліся…»

Пусціць яму юшку сіл не хапіла. А назаўтра мы сустрэлі партызан…»

Фото: Trent Parke

  • «Партызаны днём прыехалі на конях у вёску. Выцягнулі з хаты старасту і ягонага сына. Секлі па галовах жалезнымі прутамі, пакуль тыя не паваліліся. А на зямлі дабілі. Я сядзела ля акна. Усё бачыла… Сярод партызан быў мой старэйшы брат. Калі ён зайшоў у нашу хату і хацеў мяне абняць: «Сястрыца!» – я заенчыла: «Не падыходзь! Не падыходзь! Ты – забойца!» А потым знямела. Месяц не размаўляла.

Брат загінуў… А што было б, каб застаўся жывы. І вярнуўся дамоў…»

  • «Зранку карнікі падпалілі нашу вёску… Выратаваліся адно тыя, хто адразу пабег у лес. Уцякалі без нічога, з пустымі рукамі, нават хлеба з сабой не схапілі. Ні яек. Ні сала. Ноччу цётка Наста, наша суседка, біла сваю дзяўчынку, бо тая ўсю ноч плакала. З цёткай Настай было пяцёра яе дзяцей. Юленька, мая сяброўка, самая слабенькая. Яна заўсёды хварэла… І чатыры хлопчыкі, усе маленькія, і ўсе таксама прасілі есці. І цётка Наста звар'яцела: «У-у-у… У-у-у». А ноччу я пачула… Юленька прасіла: «Матулечка, ты мяне не тапі. Я не буду… Я болей есцейкі прасіць у цябе не буду. Не буду…»

Назаўтра Юленьку ўжо ніхто не бачыў…

Цётка Наста… Мы вярнуліся ў вёску на папялішча… Усё згарэла. Неўзабаве цётка Наста засілілася на чорнай яблыні ў сваім садзе. Вісела нізка-нізка. Дзеці стаялі каля яе і прасілі есці…»

Размовы з цэнзарам

– Гэта – хлусня! Гэта паклёп на савецкага салдата, які вызваліў палову Еўропы. На нашых партызанаў. На наш гераічны народ. Нам не патрэбная ваша маленькая гісторыя, нам патрэбная вялікая гісторыя. Гісторыя Перамогі. Вы не любіце нашых герояў! Вы не любіце нашы вялікія ідэі. Ідэі Маркса і Леніна.

– Так, я не люблю вялікія ідэі. Я люблю маленькага чалавека.

Заметили ошибку в тексте – выделите её и нажмите Ctrl+Enter

Почему Стивен Хокинг был настоящим рок-н-рольщиком мира физики

Герои • редакция KYKY

Британский астрофизик и рок-звезда физики Стивен Хокинг умер. Этот ученый, говорящий через речевой синтезатор, сумел не только проникнуть в суть нашего мира, но объяснил нам его просто и понятно. С юмором и умной иронией он говорил о боге, Эйнштейне и даже своем параличе. «Не могу сказать, что мое физическое состояние помогает мне в работе, но оно помогает мне сконцентрироваться на исследованиях, избегая лекций и скучных конференций», – говорил Хокинг.